10/10/2025
Лагатып каманды "Пагоня Варшава" створаны на аснове гістарычнага герба "Пагоня" — сімвала Вялікага Княства Літоўскага і афіцыйнага дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадах. Гэты знак і сёння з’яўляецца сімвалам свабоды і годнасці для беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратычных пераменаў і вяртання гістарычнай сімволікі.
Наш лагатып быў распрацаваны прафесійным дызайнерам перад удзелам каманды ў розыгрышы Кубка Польшчы ў 2024 годзе. Мы атрымалі ўсе неабходныя матэрыялы і дакументы, а дызайнер атрымаў ганарар за сваю працу. Асноўнай ідэяй лагатыпу была спасылка на беларускую традыцыю і нацыянальны сімвал, а не запазычанне чужой эмблемы. На жаль, тады мы апынуліся ў часавым цейтноце і не звярнулі ўвагу, што гэты лагатып вельмі нагадвае сімволіку Літоўскай федэрацыі футбола. Мы не мелі намеру пакрыўдзіць літоўскіх заўзятараў футбола, працаўнікоў і кіраўніцтва федэрацыі.
“Пагоня” — гэта больш, чым лагатып або герб. Гэта агульная культурная і гістарычная спадчына, якая аб’ядноўвае нашыя народы. Менавіта таму мы лічым, што гэтая гісторыя павінна быць падставай для дыялогу, а не для непаразуменняў. Нам шкада, што пасля першай перамогі беларускай каманды ў чэмпіянаце Польшчы больш абмяркоўваецца лагатып нашага клуба, а не вынік. З іншага боку, мы разумеем, чаму.
Дзеля кампрамісу і павагі да агульнай часткі гісторыі клуб "Пагоня Варшава" аб’яўляе адкрыты конкурс на стварэнне новага лагатыпу каманды. Мы запрашаем дызайнераў і мастакоў з розных краін прапанаваць свае варыянты, заснаваныя на духу і каштоўнасцях гістарычнай "Пагоні".
Мы глядзім у будучыню з аптымізмам і адкрытасцю. Спадзяёмся, што ў хуткім часе "Пагоня Варшава" (ужо пад новым лагатыпам) і зборная Літоўскай федэрацыі футбола Lietuvos futbolas змогуць правесці таварыскі матч, які стане сімвалам сяброўства і ўзаемнай павагі.