30/03/2026
Некалькі фота нядзельнай спартыўна-культурнай вандроўкі Мінск-Клецк-Нясвіж 29 сакавіка.
Мы пачалі сонечную нядзелю на забегу “Гуканне вясны” у Клецку: бяжалі, ставілі асабістыя рэкорды, атрымлівалі падарунак за прызавое месца ва ўзроставай катэгорыі, частаваліся блінамі з варэннем (здаецца, увесь Клецк з раніцы стаў ля пліты, каб дагадзіць гасцям), гулялі каля Клецкай ешывы, лічылі варон у парку каля касцёла Святой Троіцы (на трохзначных лічбах збіліся), спрабавалі патрапіць у зачынены Клецкі музей…
Па завядзёнцы дапоўнілі спартовую вандроўку культурнай праграмай. Гэтым разам не толькі ў маленькім Клецку, але і ў Нясвіжы, дзе ўжо амаль адрэстаўраваныя фрэскі Касцёла Божага Цела, пабудаванага ў 1587 — 1593 гадах па распараджэнні Мікалая Кшыштафа Радзівіла Сіроткі.
Для пабудовы касцёлу быў запрошаны італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні, і ехаў ён з Рыму да Нясвіжу каля двух гадоў. Не, не пешшу. Бернардоні належаў да ордэну езуітаў і на сваім шляху спыняўся ў езуіцкіх кляштарах, ну а браты прасілі пабудаваць для ніх таксама храм, па-брацку. Таму творы Бернардоні з’явіліся у Міры (Мікалаеўскі касцёл), Клецку (на жаль, не захаваўся) і яшчэ некалькіх мястэчках, а у Кракаву на зваротным шляху майстра вырас касцёл-копія Нясвіжскага.
Фрэскі ў Нясвіжы сапраўды велічныя, хаця для гэтых сцен выглядаюць занадта новымі), а ў цішыні сутарэнняў размешчаная радзівілаўская крыпта – сховішча для 70 саркафагаў з парэшткамі Радзівілаў. Адзін з самых старых – той самы Радзівіл Сіротка.
Кажуць, пахавалі яго ў саркафагу, як і хацеў, захутаным у ваўняны плашч пілігрыма, але моль за стагоддзі з’ела адзенне магната да апошняй ніткі, нічога не пакінуўшы даследчыкам.
Апошняе пахаванне у крыпце адбылося зусім нядаўна, у 2020 – прах Антонія Мікалая Радзівіла был прывезены з Лондана і замураваны ў сцяну крыпты.
Пасля сутарэнняў вуліцы Нясвіжа падаліся асабліва сонечнымі, каталікі святкавалі Вербную нядзелю, побач з палацавым паркам равеў шансон, а ў самім парку голасна і прыгожа спявалі птушкі.
За фота дзякуем Tatsiana Luneuskaya, Софью Сытько и Анну Федорчук. На фота спачатку Клецк, потым Нясвіж.
Іншыя вандроўкі – будуць!
Клецк -- Нясвіж: Гуканне вясны і фрэскі 18-га стагоддзя
#клецкаявясна #вербнаянядзеля #фрэскінясвіжа #адкрываемБеларусь #инвалидностьнеприговор #нужнотольковремя #всёвозможно #жить #бытьактивным #побеждать